Феерверк казачных гісторый
Казачныя аповесці сучасных беларускіх пісьменнікаў – гэта цэлы свет, поўны дзівосных вобразаў і неверагодных прыгод, магіі, чарадзейства і загадак. Спадзяёмся, што юныя чытачы з задавальненнем пазнаёмяцца з новымі героямі, перажывуць разам з імі надзвычайныя падзеі, здзейсняць чароўныя падарожжы…
Дранько-Майсюк, В. Л. Таямніцы нашага садка : казачныя гісторыі / Васіль Дранько-Майсюк ; мастак Аксана Аракчэева. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 101, [2] с.
Вы любіце таямнічыя, вясёлыя, вострасюжэтныя, праўдзіва-фантастычныя гісторыі? Тады гайда ў наш дзіцячы садок, дзе жывуць шакаладныя русалкі і вясёлыя пчолкі-стаматолагі, мудрыя ракі і крыўдлівыя іншапланецяне.
Як не ператварыцца ў страшных Чах-чахаў, чаму лепей не есці дзядулеў шакаладны торт і не дражніць маленькіх шахматыстаў, як уласная крыўдлівасць можа выратаваць горад-герой Мінск — пра гэта і не толькі ў першай кнізе Васіля Дранько-Майсюка «Таямніцы нашага садка».
Гэтае выданне ў аднолькавай ступені будзе цікавым як дзетсадаўцам, так і малодшым школьнікам. А таксама іх мамам, татам, дзядулям, бабулям, выхавацелям і настаўнікам.
Ясмінска, Н. Чаму Меша не мае хаты : [казка] / Надзея Ясмінска ; мастачка Кацярына Дубовік. – Мінск : Кнігазбор, 2018. – [29] с.. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”)
Хто такi Меша? Яго можна назваць беларускiм бабайкам, бо некалi мамы i бабулi палохалi iм неслухмяных дзяцей. Але адкуль у яго чорная поўсць, калючы нораў i, галоўнае, чаму Меша пакiнуў сваю цёплую печку i цяпер не мае хаты? Маленькiя i дарослыя чытачы могуць пра ўсё даведацца з казачнай гісторыі, якую раскажа і пакажа Надзея Ясмінска.
Гэта маляўнічая кніжка аформлена мастачкай Кацярынай Дубовік.
Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Якімовіч, А. М. Прыгоды Белай Мышкі : аповесці-казкі / Аляксей Якімовіч ; [мастак Д. Ганчарык-Чарняўская]. – Мінск : Звязда, 2018. – 126, [1] с.
У кнігу ўвайшлі дзве аповесці-казкі: “Зачараваныя Ружы і Белая Мышка” і “Зачараваны Матылёк і Белая Мышка”. Іх галоўныя героі – Белая Мышка і нядобры міфічны хлопчык Чапялейка, якія ўвасабляюць сабою вечнае супрацьстаянне дабра і зла. Хто ж пераможа ў гэтым “паядынку”: смелая і сумленная Мышка, якой дапамагаюць дабрадушны дзядуля-садоўнік і яго верны рабенькі певень Пеця, ці хітры Чапялейка, што заручыўся падтрымкай пухленькай непаваротлівай пані Молі?
Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.
Марціновіч, А. Альма. Прыгоды на зямлі і ў космасе : аповесць-казка / Алесь Марціновіч ; [мастак Н. Агародная]. – Мінск : Беларусь, 2019. – 133, [1] с.
Хочаце пазнаёміцца з сабачкам, які сам пракаціўся па горадзе за рулём машыны? Не верыце, што за адзін раз ён з’еў каля кілаграма цукерак? Тады хутчэй знаёмцеся з Альмай. Разам з ёй вы трапіце ў сузор’е Гончых Псоў, дзе яна стане ганаровым грамадзянінам краіны сабак Сваса, даведаецеся, як Альма перамагла галоўнага касмічнага разбойніка ваўкадава Мёртвая Хватка. А яшчэ вы пазнаёміцеся з сяброўкай Альмы – кошкай Лізай, з якой яны жывуць у адной кватэры. А ў Лізы – свае прыгоды.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Зізюк, М. Энерджы і дзеці з 5 “А” : казачная аповесць / Міхась Зізюк ; мастак Вольга Архіпенка. – Мінск : Пачатковая школа, 2017. – 67, [1] с.
Паша Каморнік, неслух і гарэза, ніколі не думаў, што ў яго звычайнай гімназіі можа здарыцца штосьці неверагоднае. Але ж як ён памыляўся! Злы чараўнік Марнатраўца вырашыў захапіць Пашаву гімназію. І не толькі яе…
На шчасце, Паша і яго аднакласнікі змагаюцца не адны. Іх саюзнік – чароўны хлопчык Энерджы. З яго дапамогай дзеці не толькі атрымаюць шанс на перамогу, але і навучацца па-сапраўднаму любіць і берагчы нашу Зямлю.
Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Бучынская, Н. С. Прынцэса Алівія і “жабіны вочкі” : сон + ява = казачная з’ява / Наталля Бучынская ; [мастак Р. Кульба]. – Мінск : Беларусь, 2019. – 69, [1] с.
Калі вельмі моцна захацець, нават звычайная дзяўчынка можа стаць прынцэсай. Так! Мары збываюцца! Але будзьце пільнымі: жыццё прынцэс не такое бесклапотнае, як падаецца. Шчасце, што не пераводзяцца адважныя рыцары, гатовыя іх ратаваць.
Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Бука, Н. І. Бася і яе чароўны свет : казка / Надзя Бука ; [пераклад з рускай Н. Кудасавай] ; малюнкі аўтара. – Мінск : Звязда, 2019. – 32, [7] с.
Вы, пэўна, памятаеце казку Надзі Букі пра дзяўчынку Басю і яе незвычайнага сябра Пігласа – ці то птушачку, ці то вочка з крыльцамі, што дорыць натхненне і аберагае чалавека ад дрэнных учынкаў?
У новай кнізе мастачкі і пісьменніцы вас чакаюць новыя героі: гласпіі, якія сілкуюцца негатыўнымі эмоцыямі і пачуццямі; бубласы, што могуць вылечыць ад любой хваробы; Пува, якая харчуецца гузікамі і абараняе чалавека ад начных жахаў… Як і ў першай кнізе, Бася вучыцца дабрыні і спачуванню блізкаму. А маленькія чытачы вучацца верыць у цуды і ствараць свае ўласныя чароўныя сусветы!
Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Гэтыя яркія, прыгожыя, маляўнічыя кнігі чакаюць вас у дзіцячым філіяле па адрасе: вул. Савецкая, 25.